Міадраг Сібінавіч

Нацыянальнае, рэгiянальнае i eўрапейскае як элементы лiтаратурнага працэсу: На матэрыяле беларускай, сербской, харвацкай, украiнскай i рускай лiтаратур

Аналiз шэрагу звязаных з названай тэмай з'яў беларускай, сербскай, харвацкай, украiнскай i рускай лiтаратур дае нам падставы пазнаëмiць шаноўных калег з назiраннямi i меркаваннямi, якiя маюць прынцыповае значэнне.

У рэчышчы працяглай дыскусіі другой паловы XX ст. пра канцэпцыю сучаснай славiстыкi ляжала тэндэнцыя сцвярджэння i мiжнароднага прызнання вартасцей вынiкаў развiцця нацыянальных культур асобных славянскiх народаў. Гэтая цалкам заканамерная i пазiтыўная тэндэнцыя выяўлялася ў розных выглядах найперш як супрацьпастаўленне агульнаславянскай трактоўцы нацыянальных падыходаў арыентаваных на вывучэнне лiтаратуры як самабытнай з'явы i працэсу, абумоўленага найперш асаблiвасцямi духоўнага жыцця i гiстарычнага лëсу таго цi iншага народа.

Як вядома, на IV Мiжнародным з'ездзе славiстаў (Масква, 1958) С. Кальбушэўскi выступiў з дакладам, прысвечаным паняццю „славянская лiтаратура“ ў навуцы XIX i XX стст.. дзе сцвярджаў, што Ё. Добраўскi, П. Шафарык i Я.Колар стварылi мiф пра адзінства славян, навязалi яго Еўропе i пабудавалi на гэтым мiфе разуменне славянскiх лiтаратур як адпаведнага адзiнства. На з'ездзе яму „далi адпор“ Ю.Доланскi i К. Крэйчы, а потым у друку адказаў Ф.Вольман. I ўсё ж, нягледзячы на пярэчаннi згаданых апанентаў, а таксама i на iмклiвае развiццë славяназнаўства ў наступныя дзесяцiгоддзi, канцэпцыя Кальбушэўскага не засталася без прыхiльнiкаў i пасля 1958 года. Мiж iмi сустракаюцца i несумненна значныя навукоўцы.

Вядомы югаслаўскi i харвацкi славiст А.Флакер на дзесяцiгоддзе пазней у сваëй кнiзе “Лiтаратурныя супастаўленнi” сцвярджаў, быццам не патрэбна i даказваць, што няма нiякiх сапраўды навуковых перадумоў, каб вывучаць славянскiя лiтаратуры як нейкую асобную навуковую дысцыпліну. А таму трэба паляпшаць i развiваць вывучэнне сувязей нашых літаратур з асобнымi славянскiмi лiтаратурамi, аднак заўсёды асвятляючы гэтыя сувязi ў рамках цэласнага еўрапейскага i сусветнага лiтаратурнага працэсу. Маўляў, працягваў А. Флакер, мы цяпер жывëм не у эпоху iлiрызму, каб падкрэсліваць сваю належнасць да вялiкага славянства, а разам з тым у нас няма i нiякiх прычын заплюшчваць вочы на ўклад асобных славянскіх лiтаратур, калi ужо гаворым пра ўклад французскай, англійскай, iтальянскай цi нямецкай лiтаратур у фарміраванне нашых лiтаратурных стыляў i поглядаў.

У нас, пэўна, сапраўды няма нiякiх навуковых перадумоў не згаджацца з прафесарам А.Флакерам наконт таго, што славянскiя нацыянальныя лiтаратуры, iх узаемасувязi трэба даследаваць з улiкам больш агульных, еўрапейскiх i сусветных iдэй, памкненняў, плыняў у культуры наогул. Адзiнае, што магло б насцярожыць нас, — гэта зазлiшне катэгарычнае адмаўленне ў любым выглядзе хоць нейкiх асобных элементаў сваяцкасцi славянскiх лiтаратур, асновай чаго з'яўляецца, прынамci, блiзкасць славянскiх моў, аднолькавыя цi падобныя гiстарычныя лёсы i этнiчнае акружэнне славянскiх народаў i г.д. Варта заўважыць, што ў час, калi пiсалася кнiга А.Флакера, такiя крайнасцi ўспрымалiся пераважна як своеасаблiвая страхоўка ад сапраўды непрымальнага ўплыву савецкай iдэалогii. Аднак вопыт падзей, што адбiлiся ў самым канцы XX ст., дазваляе узняць i некаторыя iншыя пытаннi.

Дзеля паўнейшага асвятлення кожнай iдэi трэба заўсёды мець на увазе ўмовы i вынiкi ўспрымання, развiцця i выкарыстання яе ў рэальным жыццi.Таму ў якасцi iлюстрацыйнага прыкладу мы возьмем тое, як праблема нацыянальнага, рэгiянальнага i еўрапейскага трактуецца сёння пры разглядзе паўднёваславянскiх лiтаратур адным з вучняў А.Флакера прафесарам 3.Ковачам.

У зборнiку, выдадзеным сумесна Iнстытутам славяназнаўства i балканістыкi РАН i Славацкай АН да XI Мiжнароднага з'езда славiстаў (Брацiслава, 1993), змешчаны артыкул 3.Ковача, якi, выкарыстоўваючы, паводле яго слоў „шырэйшыя культуралагiчныя“ i „вузейшыя фiлалагiчныя“ параметры, рэзка размяжоўвае паўднёваславянскiя лiтаратуры на паўднёва–ўсходнiя i паўднёва–заходнiя. Першыя з ix ён прыпiсвае да ўсходнеславянскага, а другiя — да заходнеславянскага „культурных арэалаў“. Пры гэтым аўтар вызначае i характарызуе гэтыя дзве культурныя i лiтаратурныя „стандартныя супольнасцi“ наступным чынам: ўсходнеславянскі, г.зн. ўсходнееўрапейскi культурны арэал, межы якога супадаюць з межамi выкарыстання „кiрылiцы“, павiнен, разам з астатняй часткай славянскага свету, зноў вызначыць сваё месца ў iнтэграцыйных працэсах аб'яднанай i канфедэральнай Еўропы. Пры гэтым руская лiтаратура як самая вялiкая i важная, а таксама сербская лiтаратура як самая адкрытая сярэднееўрапейскаму i заходнееўрапейскаму свету павiнны адыграць важную ролю. Ды ўсё ж пакуль невядома, цi не перашкодзяць iм у гэтым сярэдневечна–мiфiчная i камунiстычна–ваяўнiчная ix перадгiсторыя.

3 другога боку, працягвае 3.Ковач, заходнеславянскi, г.зн.сярэднееўрапейскi культурны арэал, межы якога можна правесцi па лiнii ўжытку лацiнскага алфавiта, сярод славянскiх i вялiкiх заходнееўрапейскiх культур выконвае ролю актыўнага чыннiка як асяродак рэальнага абмену культурных каштоўнасцей. Пры гэтым харвацкая лiтаратура як адна з самых старых славянскiх лiтаратур з'яўляецца адначасова адкрытай усходнеславянскаму свету — нават да рубяжа страты ўласнай самабытнасцi. Пасля стабiлiзацыi свайго культурнага жыцця, а таксама i ў межах паўднёваславянскага мiжлiтаратурнага супольніцтва, менавiта гэтая культура магла б даць адказы на пытаннi пра тое, як трэба ладзiць адносiны памiж малымi, ўзаемна адрознымi культурнымi супольнасцямi ў будучым еўрапейскiм рэгiёне.

У дачыненi да такiх i iм надобных, цяпер даволi папулярных выказванняў, не лiшне было б задумацца прынамсi над наступнымi літаратуразнаўчымi пытаннямi.

Першае. Калi паўднёва–ўсходнеславянскiя i паўднёва–заходнеславянскiя лiтаратуры сапраўды настолькi ўзаемна адрозныя, прычым адны з ix ужо сталi паўнавартаснай часткай літаратуры еўрапейскай, а другiя могуць ёй стаць толькі пры ўмове адрачэння ад сваёй традыцыi („сярэдневечна–мiфічнай“), то цi азначае гэта, што i ix фальклорную спадчыну (вусную народную творчасць як агульнапрызнаны фактар самабытнасцi сучасных i сербскай, i харвацкай лiтаратур) так выразна можна падзялiць на прыналежную да пiсьменства „кiрыла–мяфодзiеўскага“ i да пiсьменства „лацiнскага“?! Цi азначае гэта, што язычнiцкая аснова лепшых твораў паўднёваславянскага i ўвогуле славянскага фальклору, якiя леглi ў падмурак сучасных славянскіх лiтаратур, у працэсе хрысцiянізацыi сапраўды так выразна падзялiлася на каталiцкую i праваслаўную?! Цi азначае гэта, што творчасць Льва Талстога i Фёдара Дастаеўскага як некаталіцкiх пісьменнiкаў не належыць да агульнаеўрапейскай лiтаратуры, а лепшыя ix творы не з'яўляюцца крытэрыямi (праявамi) вартасцi, прыкладамi самых высокiх мастацкiх дасягненняў для заходнееўрапейскай або якой–небудзь асобнай сярэднееўрапейскай лiтаратуры?! Цi азначае гэта, што беларуская лiтаратура будучы пiсанай не лацiнкай, не можа быць прызнана, без адрачэння яе ад уласнай традыцыi, як паўнавартасная частка еўрапейскай лiтаратуры?!

Другое. Пры вельмi высокай ступенi моўнага i фальклорнага сваяцтва сербскай i харвацкай культур — якiя менавiта чыннiкi робяць ix настолькi адрознымi памiж сабой, каб адна з ix была ахарактарызавана як цалкам еўрапейская, а другая — нееўрапейская? Фактар канфесiйнай прыналежнасцi? I ў iмя чаго? Каб супрацьпаставiць нацыянальнае агульнаславянскаму? У iмя якiх нацыянальных iнтарэсаў агульнаславянскае замяшчаецца канфесiйным, а этнiчнае— рэгiянальным?

Трэцяе. У чым заключаецца сiла паўднёва–ўсходнеславянскага рамана сербскай i чарнагорскай лiтаратур другой паловы XX ст., калi, у адрозненне ад твораў паўднёва–заходнеславянскiх лiтаратур, творы сербскiх пiсьменнiкаў I. Андрыча, М. Булатавiча, Д. Чосiча, Д. Кiша, М. Павiча i iнш. перакладаюцца i карыстаюцца поспехам не толькi ў той самай Заходняй Еўропе, але i ў шэрагу iншых краiн свету? Чаму сербскi раман стаў для заходнееўрапейскай культурнай грамадскасцi больш цiкавым, чым паўднёва–заходнеславянскi? I цi ўказвае гэты факт на iншы, можа быць, больш мэтазгодны i рэальны шлях славянскага ўключэння ў агульную еўрапейскую культуру: замест намаганняў злiцца з вартаснымi, але ўжо вядомымi мадэлямi заходнееўрапейскай культуры, выступаць з плёнам уласнай самабытнай нацыянальнай культурнай традыцыi i сучаснай рэчаiснасцi, якiя маюць агульналюдскае, унiверсальнае значэнне?

Сапраўды гуманная iдэя „адкрытага грамадства” грунтуецца на багаццi мультыкультурнай сусветнай супольнасці раўнапраўных людзей i народаў. Таму любая iдэалагiзацыя i аднабаковая трактоўка паняцця „адкрытасцi” ў выкарыстанi гэтай iдэi з'яўляецца яе адмаўленнем.

Пераклаў Iван Чарота

(1996)

На Растку објављено: 2022-03-09
Датум последње измене: 2022-03-09 13:50:04
 

Пројекат Растко / Пројекат Растко Белорусија